Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Паданне аб пакінутай варце

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Паданне аб пакінутай варце

Што шэпчаш, вецер з глыбіні вякоў,
што крыламі ўздымаў плашчы з крыжамі?..
На замак рушыць процьма крыжакоў.
У замку – войска, князь ды гараджане.

Спужаўся князь – і з войскам уначы
паспешна ўцёк праз патайную брамку.
Пакінуў, перад тым як уцячы,
ён жменьку вартавых на сценах замка.

На гібель пэўную пакінуў князь
няшчасных, крыжакам на разарванне:
нічога не каштуе жменьку зняць
у чырванню афарбаваным ранні.

А раніцай да брамкі вораг лез,
ад радасці ў шчыты ўдараў мячамі –
ды вартавых сустрэў мячоў тых лес,
што кроў сваю з варожаю змяшалі.

У тым баі ўся варта палягла –
ды ў замак вораг так і не прабраўся…
Паданне ходзіць: прывід ваяра
на замка сценах з тых часоў застаўся.

Калі ізноў ля замка звон мячоў,
цень да байніц ляціць па галерэі –
падставіць бесцялеснае плячо
таму, хто ў бітве ворага агрэе.

Спяшаюцца сваім дапамагчы
загінуўшых вартаўнікоў фігуры…
Што шэпчаш, вецер, і аб чым маўчыш,
пануры замак – вартаўнік пануры?..