Галашэнне бабак, галашэнне матак —
Зборня панаехала адбіраць падатак.
Па ўсмешцы роднай — ад кожнага плачу,
Ад кожнае хаты — па гульні дзіцячай.
Па маленькай ручцы — ад кожнае міскі,
Па адной надзеі — ад кожнай калыскі.
Ад зямлі пакутнай — ды па хлебасею
Абыяка, звыкла бяруць ліхадзеі...
Забірае зборня жудасны падатак,
Адбірае зборня ў матак немаўлятак.
Павязуць малых іх у зямлю чужую,
Дзе не так гавораць, дзе не так сумуюць.
Там дадуць адразу ім чужое імя:
Так прымусяць здрадзіць — без віны! — Радзіме.
А яшчэ навучаць ненавідзець люта
Бацькаўшчыну, дом свой, што даўно ў пакутах.
I яны прыедуць у свой край са зборняй,
I ад іх таксама сёлы жах агорне.
Можа, з іх каторы нат у свайго брата
Адбярэ падатак — кволых немаўлятак.
супер!!!
супер!!!
Падатак
Верш крануў за самая сэрца. Забраў немаўлятку і ўжо другая Радзіма...