Срэбна-белай ён звініць падковай,
На чужых пралесках і палянах,
Зорнымі цвікамі падкаваны,
Ланцугом блакітным зацугляны
І названы незнаёмай мовай.
Ён не прыме вершніка чужога,
Ён пад Юду не падставіць спіну,
Не прабачыць здзеклівыя кпіны,
Ведае, хто вінны, хто невінны,
І што ўрэшце будзе перамога.
Ён чакае, каб яго пазвалі,
Ён на памяць вывучыў імёны
Тых, хто варты быў яго страмёнаў,
Хто за вольнасць біўся аж да скону -
З тарчай і мячом булатнай сталі.
Меч у похвах спіць яшчэ да часу,
Тарча з крыжам вершніка чакае,
Князя з заневоленага краю,
Зіхацяць апона залатая
І на збруі срэбныя кутасы.
Ды трываць чаканне немагчыма,
Можа заўтра, але лепей - сёння
Ён чакаць не здолее ў палоне:
Паляціць па чырвані Пагоняй
На сваю літвінскую Радзіму.
13-14.09.12.