Усім вядома – паляўнічы,
Як і рыбак – ілгун шчэ той…
Цікава: не баіцца дзічы,
А сам – у жонкі пад пятой.
Таму, мо, кожную нядзелю,
Шчэ не паспее сонца ўстаць,
Ён чэша ў лес, як чорт кудзелю,
Трафей яшчэ адзін прыдбаць.
Калі ж і зноў няма старання
Трафей дабыць – халера з ім…
Крыху прылгаў і паляванне
Найлепшым можа здацца ўсім.
Круціў я асцярожна жорны
Той байкі, што пачуў раней…
Магчыма – гэта гумар чорны,
Хоць, праўда, ёсць яшчэ чарней.
Ды, паляўнічы, расказаўшы,
Лупіў у грудзі кулаком,
Што, каб лухту якую ўзяўшы,
Ён не трапаў бы языком.
У паляўнічых – маюць права -
Як паляванне ўжо прайшло,
Па чарцы зробяць, ды забава –
Бутэлькі разбіваць на шкло.
Іван стралкоў закончыў школу,
Лічыўся лепшым… Толькі штось
Бутэлькі біў, а вось жывёлу…
Мог ад яго ўцячы і лось.
Сябры пажартаваць рашылі
І паспрачацца заадно.
Даўно ўжо языкі тачылі,
А справы так і не відно.
Патрон узялі, шрот дасталі
Ды напісалі лічбу пяць.
З Іванам зноў спрачацца сталі -
Не можа ён ваўкоў страляць!
Хоць гэты шрот якраз па зверу,
Ды, што па зверу! Можа стаць
Любы, не выйшаў хто з даверу -
Іван спрабуе хай страляць.
За дваццаць крокаў, як не пнецца
Ён не патрапіць – гэта факт…
Паціху ўжо Іван злуецца:
-Хутчэй заробіце інфаркт!
Сябры паціху рагаталі…
Адзін за дваццаць крокаў стаў,
Астатнія паўкругам сталі…
Івану хтось патрон падаў.
Іван глядзіць – дык то ж на воўка,
Бо зверху надпіс – лічба пяць.
Дзевяткай замяніў ён лоўка,
Драбнейшым, качак каб страляць.
Сябрам жа весела…Рагоча
Храбрэц, на чацвярэнькі стаў
І нават порткі зняць ён хоча…
Сябры крычаць: - Ну, ўсё, дастаў!...
Іван ружжо узняў над плотам,
Калі свавольнік уставаў…
Хірург, гадзіны дзве, пад потам,
Драбіны з цела даставаў.
Дзмітрый Краскоўскі (п.Івянец,Валожынскі раён)