Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Паляванне каралевы Боны

Яшчэ не ацэнена
Паліць вусны пал, як воцат.
Пушча. Коні. Зброі ззянне.
Каралева Бона Сфорца
Пачынае паляванне.

Як палаюць шчокі ярка
I ў вачах пыхлівасць стыне
Белай Русі валадаркі
З валасамі залатымі.

Вось абапал гордай Боны
Рыцары — ліцвінскі з ляшскім,
Закаханыя абодва
Без надзей на дотык ласкі.

I дарма так прагна воі
Позірк ловяць каралевы:
Спеліць плод яе любові
Залатое ўлады дрэва.

Толькі ўлада! Дзеля ўлады
Трубіць рог, палае сэрца
I загнаны звер калматы
Са стралою ў горле б'ецца.

Толькі ўлада! I жанчына
Арбалет трымае цвёрда.
I тужлівы рык звярыны
Паляванню —
ўзнагарода.
 
I — чуйдух!
                     Ахвярай новай
Будзе воўк і новы рыцар,
I ў кароне яснай Боны
Промнем больш пачне іскрыцца.

Каралева едзе конна
Белавежскаю дарогай,
He кахаючы нікога,
He шкадуючы нікога.

Рог турыны — голас боскі.
Вецер шлейф матляе вузкі...
...Справа плача — рыцар польскі,
Злева — рыцар беларускі.