Трымціць непаслухмяная рука,
Баліць душа і замірае сэрца,
І слова выбіваецца з радка –
Яшчэ не ўсведамляе сэнсу смерці.
Не стала дуба ў полі – ЗНАК БЯДЫ,
І навальніца ў роспачы ад ранку:
Цяпер яна не ведае,
Куды
Накіраваць наступную маланку.
Жалобная віруе талака,
Не верыць,
Што жыццё яго пражыта.
А як Радзіме жыць без Васілька?
Ці будзе каласіцца ў полі жыта?
Пакуль мы ў смутнай мітусні прамоў
Ягоны скон асэнсаваць не ў стане.
Напэўна, і вярнуўся ён дамоў,
Бо ведаў, што ніколі ўжо не ўстане?..
Гаротна будзе слёзы неба ліць,
А чалавек – да ісціны імкнуцца…
Каб высветліць,
Што МЁРТВЫМ НЕ БАЛІЦЬ,
Ён здольны быў
ПАЙСЦІ І НЕ ВЯРНУЦЦА.
І літасці ад лёсу не чакаў,
За спіны непрывычны быў хавацца,
А нам, жывым, і смерцю ўласнай даў
Ці не апошні шанец – аб’яднацца!