Закончыўшы дзесяты клас,
Панас
Рашыў у інстытут падацца, —
Вышэйшае асветы дабівацца,
I закруцілася машына ў той жа час:
Радня забегала па Мінску,
Раскідалі паўтузіна заяў
У юрыдычны, ў медыцынскі...
Прасіла маці, бацька націскаў,
Дзядуля штурмаваў педагагічны,
Але ніводзін інстытут сталічны
Панаса не прыняў, —
Ён не выцягваў нават на чацвёркі.
Панас імчыцца ў Горкі,
У Брэст, у Гродна, ў Магілёў,
Але па конкурсу нідзе ён не прайшоў,
Бо ведамі быў небагаты, —
Правальваецца кожны раз.
Нарэшце прамінуў прыёмны час,
I прыкаціў Панас дахаты.
Здавалася, цяпер дарэмна час не траць,
Ідзі, брат, працаваць.
Але Панас па-свойму вырашыў задачу:
«Нашто ісці мне на завод.
Я на наступны год
У інстытуце буду, няйначай».
I цэлы год Панас адпачываў,
За бацькаваю спінай папраўляўся.
А восень надышла, ў навуку зноў падаўся,
Ды зноў ніводзін інстытут Панаса не прыняў.
I, што вы думаеце, хлопец здаўся?
Ды не! Ён цэлы год яшчэ чакаў,
А потым зноў прыёму дабіваўся.
Знайшлі свой шлях усе яго сябры:
Той трактарыст, а гэты майстар на заводзе,
Панас жа ўсё па інстытутах ходзіць
Да гэтае пары.
Падпілак бы яму альбо касу у рукі,
Хай імі дамагаецца навукі.