Таўсты ты сёння ці худы,
Пачні ўжываць парады прэсы:
Не трэба есці ад нуды
І заядаць смачненькім стрэсы.
Не еш ні чыпcы, ні фастфуд,
Ні ўсё, чым грэбуе і кошка.
І белы хлеб – не надта “гуд”,
Таму ўжывай яго патрошку.
А ўсё, што даў табе гарод
Прымай штодня без асцярогі.
З такой ядой няма турбот,
А вось карысці – вельмі многа.
Не еш таго, што не гніе,
А будзеш есці – ёсць надзея,
Што косці бедныя твае
Ў зямлі па скону не збуцвеюць.
Лепш тое жэрці, што чарвяк
Паспрабаваў і тым адзначыў.
Не еш такое? Ну й дзівак!
Напэўна, ты не маеш дачы?
Ды што б ні еў ты, не спяшай,
Ніхто ў цябе не забірае.
І меншы посуд ужывай –
Спецыялісты гэта раяць.
Не перакусвай на хаду!
Шукай кампанію ды месца!
А дома многа не гатуй –
І гардэроб не будзе цесным.
Няхай ласунак будзе тым,
Чым ён павінен быць – ласункам.
Таму, смакуючы тарты,
Да меры сам ужо датумкай.
Бывай здароў! Але ні ў чым
Перагінаць не трэба палку…
Давайма, сябра, пад'ядзім!
Ёсць агурок і луста салка!
23.08.2011