Ані душы на плошчы --
У горадзе жаўнеры,
Сядзяць у завуголлі
Блудніцы й дварнякі,
Слуп шыбеніцы чорны,
Нібы крумкач, над пляцам,
Ў дамах замкнёны дзверы,
Запалены агні.
А ў ратушы бяседа,
Балююць афіцэры,
Слугуе мэр-ліслівец,
Віно цячэ ракой,
Ў казарме ж не да смеху --
Там жэрабя кідаюць:
Хто вешацелем будзе
Назаўтра раніцой?
Ўсё, вырашана! Катам
Быць мусіць маладзейшы --
Хлапец з суседняй вёскі,
У войску першы год.
Жаўнер глядзіць са страхам,
Гадае: хто ж той здраднік,
Што мусіць заўтра ўранку
Пайсці на эшафот?
А ў вязніцы мяцежнік,
Нібыта звер у клетцы,
Скрозь краты свеціць Месяц,
Асуджаны не спіць,
Ён моліцца, бо плакаць
Ужо не мае сілы,
На шыбеніцы шворка
Гайдаецца, рыпіць.
Нарэшце развіднела,
Людзей на пляц сагналі,
Грукочуць барабаны,
Пад шыбеніцай кат --
Жаўнер у страшнай масцы --
Глядзяць на ката з жахам,
І з аркуша палкоўнік
Чытае ўслых загад:
"За ўдзел у дзёрзкім бунце
Супраць Цара і Бога
Мяцежніка павесіць!" --
Свой перамогшы страх,
Той крочыць ганарліва,
Хоць Сонца ўжо не бачыць,
З вяроўкай на запясцях,
З павязкай на вачах.
А вешацель марудзіць,
Пад маскай твар сказіўся,
І сціснулася сэрца,
І сам, як ліст, дрыжыць,
Бо кат пазнаў ахвяру --
То брат яго малодшы,
Прад ім на эшафоце
З усмешкаю стаіць.
Загаду трыбунала
Пярэчыць ён не смее,
Ужо рукой дрыготкай
Зацягнута пятля,
Ад слёз аслеплі вочы...
"Даруй нам, добры Божа!
То з нашых рук ахвяра
За Бога і Цара!".
Балотніца
Пекны пераклад, але ці
Пекны пераклад, але ці патрэбны, бо ё ў Купалы падобны верш (Кат).