Воўчае сонца, цыганскае сонца
Над Беларуссю маёй паплыло.
I па дарозе, як песня, бясконцай,
Коцяцца, шляхам, як гора, бясконцым
Нашы калёсы, тэатр і жытло.
Хто вы такія, у вышыванках
Пані-панове? З якой стараны?
— Мы — беларускае сцэны світанак,
Дзеці шляхцяняк
і дзеці сялянак,
Мы — беларускія дочкі, сыны.
Колы грукочуць, нібыта рагочуць
Рэхам натоўпу ў мястэчках глухіх, —
Суму не ўчуе, хто ўчуць не захоча.
Зорак блішчаць васільковыя вочы.
Як і да славы, далёка да іх.
Гразнуць у лужынах коні і колы,
Гразне ў абразлівых кпінах душа.
Роднага слова востраў вясёлы,
Першы тэатр беларускае школы
Зараз — мішэнь для пляўка і глыжа.
Воўчае сонца —
шчыт для героя,
Сведак для злодзея —
светла плыве.
Толькі любоў да Радзімы нам зброя,
Толькі бясконцая вера ў тое,
Што адрадзіць мы паспеем яе.
Спяць у павозцы паненкі-актрысы.
Дай Бог бясхмар'я
іх душам святым!
Белая Русь, ты празрыстая, чыстая,
Ты перад ворагам здолела выстаяць,
Перад сваёй жа
пакорлівай сціпласцю,
Саманяўвагай —
ці выстаіш ты?
Воўчае сонца, цыганскае сонца
Над Беларуссю маёй паплыло.
I па дарозе, як песня, бясконцай
Так, як змаганне і вера,
бясконцай
Едзе вясны беларускай жытло.