Плача каня над былой рачулкай,
Купінку не знойдзе для гнязда.
Плач вісіць шчымлівы, гулкі
Над зямлёю, дзе была вада.
Хмызнякі пануюць на тым месцы,
Не відаць нат лужыны нідзе.
А калісьці тут спакуснік-месяц
З зоркамі гарэзіў у вадзе.
Шмат птушыных тут было чародак,
Што падлёткамі ляцелі ў свет.
І прастор быў для чаўноў ды лодак…
Знішчыў ўсё бяздушны чалавек!
Асушыў, павыганяў, бы з раю,
Братоў меншых з кроўнае зямлі.
Ні лугоў, ні ворыва не маем
Там, дзе хвалі чыстыя плылі.
Нашы продкі шчыра, без падману
Дазвалялі побач жыць усім.
Не ў нябёсах горка плача каня —
Ў сэрцы растрывожаным маім.