Глядзіць Айчына добрымі вачамі,
Спрадвечна ў бок той горнецца душой,
Дзе сын яе славуты палачанін
Прытулачак апошні свой знайшоў.
Чаго ён за мяжой шукаў так доўга?
Ці хлеб чужой зямлі смачнейшым стаў?
Францыск Скарына з Божай дапамогай
Там скарбы свайму люду здабываў.
Падмуркам моцным кнігі яго сталі,
Апірышчам часінаю любой,
Каб з імі чалавек быў дасканальны,
Каб светам валадарыла любоў.**
Набраныя у іх Францыска словы
Зняверыцца, згубіцца не даюць,
Яны, іскрынкі-зоркі роднай мовы,
Нам асвятляюць шлях і саграюць.
Як абярэг і новым пакаленням
Скарыны герб: ля сонца маладзік.
Яго планета ў сонечнай сістэме
Не, не малая – велічна глядзіць.
Таму і ўдалячынь вякоў дарога
Нас кліча сёння, – сцелецца радном.
І чуецца парой: станком друкарскім
Раскаціста грукоча ў небе гром…
З удзячнасцю прыняўшы дар Скарыны,
Упартага старацеля свайго,
Да скону ім так любая, Радзіма
Вялікую ласку мае да яго.
*Імем Скарыны названа малая планета ў сонечнай сістэме.
**Радкі верша пераклікаюцца з выказваннямі Скарыны:
“Хай дасканальны будзе чалавек і на ўсякую добрую справу падрыхтаваны”;
“Валадарыць светам любоў, бо яна самая дасканальная з усіх даброт і каштоўнасцей, без якой марна ўсё ў свеце”.