Пластмасавыя крокі па асфальце,
Сляды ў сонечнай ад холаду вадзе.
Не хочам мы пластмасавымі звацца...
Чарговы раз, чарговы час, чарговы дзень.
Пластмасавыя парасоны ў неба
Пад аксамітам кропляў летняга дажджу;
забыць так лёгка, быў ты альбо не быў
І перайсці нябачную мяжу.
Пластмасавыя вочы з-пад павекаў
І яркі холад штукаваных вей.
Ці ты забыўся, што завешся чалавекам,
Ці чалавекам быць усё цяжэй?
Пластмасавыя рухі закаханых
Пластмасавай пяшчоты пад дажджом.
Ці не баішся быць калісьці пахаваным
Пад выгнутым пластмасавым крыжом?