Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Помню круг, палёт рукі...

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)
                               Акадэміку А. М. Ганчарэнку

Помню круг, палёт рукі,
Помню позірк пільны,
Бо спрадвек у нас гаршкі
Не багі ляпілі.
Бацькаў сябар ганчаром
Быў на ўсю акругу.
Бегаў за «расці здароў»
Я пры ім абслугай.
То, бывала, паднясеш
Дровы для апалу,
То, як бохан, — рэж ды еш
Гліны цёплы кавал.
То, як самы важны гляк,
Едзеш на фурманцы... —
Збыць пасуду не за так
Дай нам божа шанцы.
Мы ж з табой амаль радня:
Ты зляпіў Адама,
Ну і нам ляпіць штодня
Выпала таксама —
Ёсць макотры, гладышы,
Кварты і гарнушкі,
Гарлачы і спарышы,
I свістулькі-птушкі...
Пагулянкай, ад Шчаўроў,
Тонуць колы ў верасе:
Наша слава ганчароў
Едзе каля Версанкі.
Налятай, гаспадары,
Просім, гаспадыні!..
...Толькі тут — свае майстры
Выраслі на гліне.
Шматпатомныя, як час, —
Родам Ганчарэнкі...
Разбягаюцца і ў нас
Ад здзіўлення зрэнкі:
Як званы, вісяць збаны
На тыніне кожнай...
«Не дадуць і паўцаны», —
Думаем трывожна...
Толькі дзядзька мой
Ганчар раптам засмяяўся: —
Не загіне наш тавар!
Дзьмі ў свісцёлку, Вася!..
Свіснуў сам, і я за ім —
Весела іграем,
Каля Версанкі стаім
I купцоў чакаем.
Першай бабка падышла,
Потым — дзед старэнькі,
А за імі — паўсяла:
Дзеці-Ганчарэнкі!
Вытылікваў я, дудзеў,
Выцінаў жалейкай...
А хлапчук адзін глядзеў
У задуме нейкай.
Дзесьці ў небе калясіў:
Як ямчэй прыстаць там...
Ці не верыў ён зусім
У маё мастацтва?
Ці пакрыўдзілі сябры?
Ці не меў капеек ён?..
I сказаў ганчар стары: —
На, бяры во пеўніка...
Свіснуў раз ён, і другі,
I закукарэкаў! — Вось,
Выходзіць, як багі
Лепяць чалавека...
Паталаніла, відаць,
А хутчэй — свістулькі
Паспрыялі ўсё прадаць
Нам да чарапулькі!..
Ганчарэнкі, ганчары...
Час не перайначыш...
Шмат вады з тае пары
Збегла ў нашай Начы.
I прыходзяць толькі ў сон
Версанка з Мачулішчам...
Я ў свістульку дзьму. А ён
Той хлапец — як чуецца?
Не сцвярджаю ад дзвярэй,
Але маю версію:
Акадэмік ёсць — Андрэй
Ганчарэнка. З Версанкі...
Вы ўжо скемілі? Вось-вось..
Толькі ўсё ж адразу
Не праводзьце гэту вось:
«Круг ганчарны — лазер».
Не такая да святла
Простая дарога.
Ды акружнасць надала
Ўсім арбітам строгасць.
Электронныя пучкі
Сутнасць асвяцілі,
Што спрадвек у нас гаршкі
Не багі ляпілі!


Дзякуй,Васіль,за дзівосную

Дзякуй,Васіль,за дзівосную хвіліну знаходжання "там..."!