Прачнуся і хутчэй за вершы,
Бо толькі раніцай пішу.
І дурань я такі не першы –
Хоць можа перад кім грашу.
Пад вечар можаш і старацца
Ды толькі вершаў – чорта з два.
Задураць галаву на працы
І ўсё – пустая галава!
Начорта мне такія мукі
І днём і ноччу – проста жах...
Знаёмыя разводзяць рукі:
Ну, ясна – справа у грашах!
За вершы пэўна нешта маеш,
Жывеш на захадны манер:
Свіней, карову не трымаеш...
Падпольны, значыць, мільянер!..
Я не пакрыўдзіўся, вядома –
Няма за мной таго грашка.
Сказаў, што торба грошай дома
І ў банку – пэўна з паўмяшка.
Дзмітрый Краскоўскі (п.г.т.Івянец)