Аэрапорт. Дзяўчына рэйс чакае.
Каб скаратаць карысна гэты час,
пячэння пачак, кніжачку купляе –
часопіс нейкі тоненькі – на раз.
У зал чакання з купленым заходзіць,
сядае ў крэсла – трохі адпачыць.
А там – мужчына, прыбраны па модзе,
праз месца з кніжкай нейкаю сядзіць.
Між іх – пакет. Яе. З яе пячэннем.
Дзяўчо чытае і... адно бярэ.
Ды бачыць што сусед вокаімгненна
бярэ адтуль жа і ... а-ёй! – жарэ!
Яна – яшчэ. І ён услед шчыруе.
Яна – ізноў. І ён не адстае.
Ну і нахабнік – свет не бачыў. Ну і...
Усе пячэнькі выцягнуў яе!
Калі ж адно ў пачочку засталося,
дзяўчо варожы кінула пагляд:
што зробіць ён? І успыхнула ад злосці:
ну і сусед дастаўся, ну і гад!
А ён пячэньку лоўка распаловіў,
з усмешкай шчырай даме падае...
Дзяўчына – скок. І ў чырвань! І ні слова.
Яшчэ й смяецца, гэтакі, з яе!
А тут і рэйс чаканы абвясцілі...
Калі ж узняўся ў неба самалёт,
дзяўчыны рукі сумачку адкрылі...
І раптам штось працяла навылёт:
Кулёк з пячэннем, тым, што не дастала,
калі сядала ў крэсла пачытаць!
Яна яго – суседа – аб’ядала!
І нат "Прабач!" яму ўжо не сказаць!
Мараль такая: перш, чым абурацца
і сэрца крыўдай марна апякаць,
магчыма лепш у справе разабрацца
і на кагось сабак не выпускаць.
21.04.2014
вельмі смешна атрымалася.
вельмі смешна атрымалася. цудоўна напісана.