Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Прыцягненне агнёў

Сярэдняя: 5 (5 галасоў)

Ha куццю
у набожным куце,
покуль смачна не бразнулі вечкі,
запалілі дзяды ў немаце
тры агні, тры відушчыя свечкі.

Нібы лёгкі трохкрылы матыль,
што наважыўся злётаць у вырай,
лашчыў
лавы някшчоны гарбыль,
аж трымцеў у трывозе трыкірый.

Стол да свечак працягваў далонь,
бы на старасць выпрошваў пламеня
да агню прытуляўся агонь,
і запал іх жарлівы не менеў.

Як гарэлі, вышэлі яны
над законамі ўсіх гравітацый!
Ім былі далячыні відны,
да іх зоркі ляцелі вітацца.

Млечны шлях не рыпеў на вазах,
прыціскалася пуга да тронца.
На суровых святых абразах
сарамліва ўсміхалася тройца.

I сачыў, шанаваны шматкроць,
уздыхнуўшы
па-людску прапашча,
трыццацітрохгадовы Гасподзь,
сам сабе памаліўшыся нашча,
праз
у дым ператвораны кнот,
паўзверх воску,
што як цела, вяне,
свечак трох палымяны палёт,
апантаных агнёў цалаванне.



Сам та верш прыгожа выглядае.

Сам та верш прыгожа выглядае. але ўжо занадта спецыфічных словаў, мне здаецца.
Складана ў сёнешніх умовах ужывання мовы ў жыцці яго цалкам зразумець без слоўніка.
Дзе мястэчковае, а дзе навукова-пяшчотнае. Хаця б словы вечка і кнот памятаць, што "крышка" гэта і "фітіль", а тут і можа польскае "някшчоны", і можа грэцка-рэлігійная "трыкіра"; і тронец або маленечкі трон, або на кані штосць мястэчковае, пугай жа.

Не сучасны верш.
Прыгожы, але нешта падобнае на мову Скарыны. Кастусь Каліноўскі лацініцай больш сучасна "мужыцкую праўду" пісаў.

Цудоўны верш, знаёмая

Цудоўны верш, знаёмая гаворка…
О, як чытаць прыемна земляка!
Паслухаць бы з суседняга надворка,
Як яго вершаў пацячэ рака…..

Млечны шлях не рыпеў на

Млечны шлях не рыпеў на вазах,
прыціскалася пуга да тронца.
На суровых святых абразах
сарамліва ўсміхалася тройца.

Міхась, візантыйскія абразы НІКОЛІ не ўсьміхаюцца. КУЦЬЦЯ -сакральнае паганскае сьвята.
А калі пішаце пра Чырвоны кут, -то гэта спрадвечнае сакральнае месца для памінаньня ПРОДКАЎ. Абавязковыя і паганскія атрыбуты: ручнік/па якім душа продка вяртаецца на час дадому ў гэты сьвет/, агонь-сьвечкі. І рытуальная страва/не ежа/-абавязкова цёплая, парная