Я заўсёды баюся напышлівых выцвілых слоў,
што звіняць,
як жабрацкая медзь у асенняй журбе.
Столькі год на падбор
словы плавіць гарачая кроў,
каб я змог у любві найвялікшай прызнацца табе,
Беларусь — мая маці і мова, паветра і хлеб!
Гэта ўзважана сэрцам,
на нервах расстайных дарог,
дзе не раз пад агнём задыхаўся ад дыму і слеп,
даставаўся здалёку, слязою абмыўшы парог.
Я не помню, якою парою навек палюбіў:
калі верасам сінім гарэлі трывожна лясы,
калі першы кляновік
з ільдзінкамі вострымі піў,
калі скублі заснежаны стог у зарэччы ласі
ці тады, як бухматы пад чорнаю хмараю воз
асцярожна, дрыготка ішоў па старому мастку,
і чаплялася сена
на голле самлелых бяроз,
і маланак святло апаліла душу хлапчуку?..
Першы след...
Ён дагэтуль за сенненскай вёскай відзён,
дзе прывабіў падпаска ў рамонкавых росах папар.
Я ад першай радоўкі чытаю да сённяшніх дзён
родных ніў і світанняў хвалюючы мудры буквар.
Ды не ўявіш сягоння цябе без гранітных абноў,
і пявучых турбін, і вядомых у свеце машын,
без лясных генералаў і трох Беларускіх франтоў,
што ішлі на Берлін і пакінулі ў тыле Берлін.
Шчасце — маці такую любіць,
гонар — гэткую мець.
Падарожнік ці госць, па нязнанай хаджу старане,
а скажу: «Беларусь» —
пачынае ўся зала грымець:
акрылёнага славай тваёй, сустракаюць мяне.