Зноў за вокнамі лятае
Птушка белая - зіма.
Вулкі снегам замятае,
Дахі беліць на дамах.
Хмаркі ватныя камечыць,
То марозіць, то гудзе,
То задзьме агонь у печы,
То зайграе на дудзе.
Ноччу воўкам заскавыча,
Нават можа заспяваць,
Калыханкай лес калыша,
Калі час настане спаць.
А, як выляціць у поле
З кратаў шэрае смугі,
Налятаецца даволі
На мятле Бабы- Ягі!
І захопіць дух прасторы
Бель, якой канца няма,
Бо плыве па белым моры
Птушка белая - зіма.