Сведчыць камень абчасаны
на пясчаным схіле:
дзве дзяўчыны пахаваны
у адной магіле.
На пагосце сведчыць камень
пад зялёным веццем,
што аплаканы бацькамі
дочкі ў сорак трэцім.
А яшчэ ніжэй... глядзіце!
Каб зямля пачула,
крык не моўкне на граніце:
IX ЗАБІЎ ПЯЧУРА.
Хто ён,
смерці памагаты?
Дзе прыстанак знойдзе
нават каменем пракляты
паліцай ці злодзей?..
Можа, ён уцёк за мора
да сваіх у госці?..
Столькі год сівое гора
плача на пагосце:
— Ой вы, сосны, не шуміце,—
ўся зямля пачула, —
маіх дочак не будзіце.
...Іх забіў Пячура.