Ці чуеш, як крочыць удалеч таропка час? -
Адлічвае крокі гадзіннік бесперапынна.
Куды б ён ня йшоў - пастаянна ідзе ад нас.
Такая, не надта вясёлая, брат, карціна.
Ці ведаеш ты, а пад ноч абяцалі снег,
І сорамна горад схавае свой твар пад пудрай.
А снег будзе падаць так ціха, нібыта ў сне,
Здзяйсняючы кругазварот задуменна, мудра.
А памятаеш, як наранку гамоніць сад
У матчынай хаце, як пахне патэльня шкварак?
А што аддасі ты, каб час павярнуць назад,
Ступіць басанож на бацькоўскі стары фальварак?
Пытанні, пытанні ... А час, паміж тым, бяжыць,
І круцяцца стрэлкі, і дзеці сталеюць рана.
І падае снег. Гэта значыць, што трэба жыць -
Назло ўсяму - час загоіць любыя раны.
04.11.2012