Бывае ж так!
Аднойчы Рак
Да Плоткі заляцаўся.
Хоць Плотцы ён зусім не падабаўся,
Ды ўсё ж яна ўступіла з ім у шлюб.
Разважыла: «хоць Рак ёй і не люб,
Але ж калі зрабіў ён прапанову,
То тут ужо старайся не зяваць,
Адразу жаніха кахаць
Рашуча будзь гатова.
Уласна кажучы, каго ж чакаць?
Тунца?
Яльца?
Ці Асятра якога хіба?
Ды на бязрыб'і Рак — таксама рыба.
Няма прычын перабіраць».
I жонкай Ракавай красуня стала.
А Рак? — Ён што. Ніколі ідэалу
Ніякага ў душы не меў,
Таму ён Плотку з'еў
Даволі скора.
Бяда, калі выходзяць замуж без разбору!