Сыходзіць непрыкметна цемра ўпрочкі,
Спаўзае да ялін
У цёмны бор.
Заплюшчыў золак залатыя вочкі
Гарэзных непасед –
Іскрыстых зор.
Дасвецце,
Белабрысае дзіцятка,
Расою прамывае вочы дня.
А на патэльні возера –
Аладка,
Жаўцюткая, нібыта цыпляня.
Паласавацца сонцам запрашаю!
Стае на ўсіх –
Сядайце ўкругаля.
Абрус заранкі без канца і краю
Нам засцілае родная зямля.
Світанак спажывайце як сняданак,
Бо нашча цяжкавата працаваць.
Падсілкаваўся –
Можна дзень трываць…
Але ашчадна!
Нам дзівосны ранак
Патрэбна і нашчадкам захаваць!
2001/2002
Цудоуна. Вялiкi дзякуй!!!
Цудоуна. Вялiкi дзякуй!!!