Душа зайшлася ад чужога гора,
З пакутамі яе не разлучыць:
Пад стромкай столлю Домскага сабора
Усхвалявана «Рэквіем» гучыць.
Пачуцці ўсе змяшаліся дашчэнту,
I пацягнула холадам ад пліт,
Калі, як шторм, кацілася крэшчэнда
I замірала, ўзняўшыся ў зеніт.
Адчай з жалобай нечуванай моцы
Жыццё і смерць паставілі на кон,
I ў кожным гуку ажывае Моцарт,
Бязлітасна асуджаны на скон.
Не моліць ён адвечнага спакою
Сваёй душы мяцежнай і касцям,
А прагна схаладнелаю рукою
Трымае ключ ад вечнага жыцця.
Ён ад трывог, натхнення і пяшчоты
Перагарэў, ачах і саслабеў
I зразумеў ужо ў разгар работы,
Што «Рэквіем» стварае сам сабе.
Грыміць і слоў і музыкі навала
I працінае сэрца, як страла,
Ды смерць жыццё раптоўна абарвала,
Бо «Рэквіем» даслухаць не магла.
Гусінае пяро з рукі упала...
Непадуладна толькі пачуццё,
Што не жалобай, а трывогай стала
За вечнае натхнёнае жыццё.
про Моцарда было круто!
про Моцарда было круто!