Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Русалка

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Мяжою вузкаю ішоў я родным полем,
Мой хмуры твар чапалі жыта каласы,
Шапталі мне яны чароўну казку волі,
Манілі на прастор — у свет жыцця красы...
Пеў пташак стройны хор у паднябеснай высі,
А на зямлі трашчалі кавалі-стракозы...
Шмат кветак між травы вяночкамі спляліся...
I пах свой разлілі, каб быў я нецвярозы...
Хацелася мне пець... хацелася маліцца,
Хацелася за ўсё прынесці свету дар...
Зірнуў я ў сіню даль... аж бачу, мітусіцца
Між хвалі каласоў дзяўчыны белы твар.
Застукала ў грудзях... туман спавіў мне вочы...
Хацеў я уцякаць, нібы яе не бачыў...
Яна ж — жывая здань... Жартуе і рагоча
I бліжай да мяне, падняўшы рукі, скача.
Прыгожы, гібкі стан, а вочы — нібы зоркі,
А валасы — нібы травы шаўковай пук...
I чую раптам я салодкі спеў гаворкі,
Які і узбудзіў у грудзях сэрца стук.
"Прыгожы, мілы мой, ідзі у хвалі жыта,
Спазнаеш ласку ты загінуўшай дзяўчыны.
З красою гэтых ніў душою будзеш зліты...
Я веру, дарагі, што тут мяне не кінеш.
Ці помніш ты лясок, гамонку дрэў шумлівых,
Ці помніш погляд зор у вечнай сіняве,
Калі ў каханні ты мне кляўся жартаўліва
Пад ззяннем месяца ля рэчкі на траве?
Ці помніш, калі ноч свае паслала чары,
Як шчадна прыхіліў к гарачым губам шчокі?
I рой дзявочых дум разнёс, як вецер хмары,
I шчасце ты спазнаў там з птушкай сінявокай.
Спазнаў мяне?.. Няўжо мінулае каханне
Загінула ў цябе?.. Твой дух жывы
Не думаў мець са мною тут спаткання,
Каб шчасце зноў спазнаць у полі між травы?..
Ідзі ка мне!.." "Яна!.. Загінь жа ты, загінь...
Яшчэ вясною... ты ў рэчцы затанула...
Але твой твар... твой погляд вочак сініх...
"Ідзі ка мне" паціху, як тады, шапнула"...
"Ага, спазнаў!.." — панёсся рогат гучным звонам,
У шуме каласоў далёка дзесь заціх...
"Ратуйце!.." — крыкнуў я, нібы шалёны,
Калі сустрэўся зірк яе вачэй жывых...
...I помню, як праз сон, я дзіўны свіст у полі,
Як віхар гнуў к зямлі калоссі ўсе сцяною,
А ў небе гром грымеў так моцна, як ніколі,
I нейкі баль чарцей спраўляўся нада мною...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Калі прачнуўся я — была ўжо ціша ночы...
Нібы крылом якім зямлю акутаў змрок...
Мне страшна і цяпер... Здаецца, зноў рагоча,
Як вецер данясе калоссяў шум здалёк...
Здаецца, бачу я яе, нібы жывую,
Здаецца, зноў к сабе, чаруючы, гукае...
I ўспамінаю я дзяўчыну маладую,
Што, кінуўшыся ў вір, русалкаю гуляе...
Дзяўчынкаю была... Калісь мяне кахала,
I я яе кахаў, але кахаў на смех...
Цяпер яе няма... А здань яе паўстала,
Каб помсту цяжкую мне учыніць за грэх...