Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Апошнія водгукі

Вашыя сябры тут!

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Міхась Чарот

Charot.jpg

Нарадзіўся 7 лістапада 1896 года ў гарадскім пасёлку Рудзенск Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Сапраўднае прозвішча - Кудзелька. Скончыў Маладэчанскую настаўніцкую семінарыю (1917). У 1917 г. мабілізаваны ў армію. У 1918 г. вярнуўся на Беларусь, удзельнічаў у партызанскім руху ў час акупацыі Беларусі буржуазнай Польшчай. З 1920 г. - супрацоўнік, у 1925-1929 гг. - рэдактар газеты «Савецкая Беларусь». Ініцыятар стварэння і кіраўнік першай у рэспубліцы літаратурнай арганізацыі «Маладняк» (з 1923). Быў сябрам ЦВ К БССР (1924-1931). У 1937 г. рэпрэсіраваны, асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Друкавацца пачаў у 1919 г. Аўтар кніжак паэзіі «Завіруха» (1922), «Босыя на вогнішчы» (паэма, 1922), «Выбраныя вершы» (1925), «Карчма», «Ленін», «Марына» (паэмы, усе ў 1926), «Беларусь лапцюжная» (паэма, 1927), «Чырванакрылы вяшчун» (паэма-фантазія, 1927), «Паэмы» (1928), «Сонечны паход» (1929), «У сонечным паходзе» (вершы і паэмы, 1986), «Выбраныя вершы і паэмы» (1935), Збору твораў у 3 тамах (1933-1936), у 2 тамах (1958), «Выбраныя вершы і паэма» (1967), «Выбранае» (1982).

Выдаў зборнік апавяданняў «Веснаход» (1924) і «Выбраныя апавяданні» (1926).

Апублікаваў п'есы «Мікітаў лапаць» (апублікавана і пастаўлена ў 1923), «Дажынкі» і аднаактоўку «Сон на балоце» (1924), дзіцячыя п'есы «Пастушкі. Данілка і Алеська» (Клімавічы, 1925). Напісаў музычную драму «На Купалле» (адноўлены тэкст апублікаваны ў 1982, пастаўлена ў 1921, кампазітар А. Туранкоў стварыў на тэкст п'есы оперу «Кветка шчасця»).

Па аповесці «Свінапас» стварыў з Ю. Тарычам сцэнарый першага мастацкага фільма «Лясная быль» (пастаўлены ў 1926).



Сярэдняя: 4.6 (25 галасоў)

Балотам снежным праз сасоннік,
Які смаловым пахам вабіць,
Прастор балот зімою соннай
Люблю санямі разухабіць.

Люблю, як кусцік нізкарослы,
Калі з саней назад паглянеш,
Нібы адкінуўшы ён вёслы,
Плыве па белым акіяне.

Пукаты стог люблю аб'ехаць,
Сляды наўкол зрабіць палоззем
І сена, выскубнуўшы вехаць,
Люблю раскідаць па дарозе.

Люблю, як санкі мчацца з плачам,
Пісклявы гімн зіме заводзяць,
А конь, падкуты чортам, скача,
Нібы па шкле, па гладкім лёдзе.

Люблю закутацца кажухам,
Згайсаць ад меж да меж краіну
І крыкнуць гучна завірухам,
Што ў хвалях белых не загіну.

І зноў ляцець... Дуга хай звоніць,
Пакуль конь лейцы не аслабіць...
Прастор балот зімою соннай
Люблю санямі разухабіць...