Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Сакура

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

О, цуд! Яшчэ хвалюючы людзей,
Што выжылі ў шаленстве землятрусаў,
Зноў сакура ў Японіі цвіце —
Вачам, слязьмі напоўненым, спакуса.

Жалоба…. А ў прастору льецца пах,
Калі па волі часу-чарадзея
Галінкі вішні прама на вачах,
Расквечваюцца ў колеры надзеі.

О, радасць! О, раскоша хараства!
О, смутак — скарабежнасць існавання!
Здаецца, што такая любата
Не можа, не павінна мець сканання!

І мроіцца не тленне, а жыццё —
У белым і ружовым, а не ў чорным…
О, хмельнае, чароўнае быццё
Суквеццяў незабыўных, непаўторных!

Адвеку ўжо прызнаныя яны —
Аб тым паведамляюць нават госцю —
За сімвал прыгажосці і вясны,
Жаночай мілаты і маладосці.

Але ў навале сённяшніх нягод
Здаецца — нават кветкі спачуваюць:
Цвітуць — нібы прадбачаць свой сыход,
Падзьме таропкі вецер — і злятаюць.

Калі ж усе пялёсткі ападуць —
Завея раны сэрцаў зацярушыць…
Мо праўда ў кветках сакуры жывуць
Загінуўшых блукаючыя душы?