Ён нахіліўся,
Выгнуўся над радкамі...
Вечар плыве ў вокны,
Густы і шэры...
З моцай і злосцю,
Нянавісцю
І адчаем
Ён уціскае ручку
У дно паперы.
То немагчыма...
Гэта занадта цяжка,
Гэты ўдар
Пякучы і невыцерпны...
А туманы збіраюцца над лагчынай
І ўзрываюцца дрэвы
Страшэнным енкам...
Ён - не паэт. І як
Ні сядзі над сшыткам,
Як ні крычы,
Заві,
Ні рыдай,
Ні крэслі,
Словы, нібы
Перарваная ціхая песня
Зноў упадуць на паперу
Глухім адбіткам.
Сцены ў пакоі кпяць з яго
Цішынёю...
Божа, нашто зрабіў
Ты яго упартым?
Прага падобная
Да Тваяго праклёну...
Схільнасці даў,
Ды толькі не даў
Таланту...