Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Салоўкі (баляда)

Сярэдняя: 4.5 (4 галасоў)

Там, дзе вербы ля крыніцы,
Як зялёная падкоўка,
Адчыняла аканіцы
Ранку вёсачка Салоўкі.

Дацямна зямлю арала,
Ад хвароб зьбірала зёлкі,
На старэнькіх кроснах ткала
Дываны, нібы вясёлкі.

I звычайна вечарамі,
Што прапахлі мёдам, сенам,
Душы ўсе ў адну зьбірала
Песьняй роднай, задуменнай.

Кожны госьць
Людзей распытваў:
«Хто ж так хораша сьпявае?»
— Бабка Ганна, дзед Мікіта...
Хата трэцяя ад краю...

Час ляцеў для ўсіх няпросты,
I ня знойдзеш вінаватых,
Што ня стала краю ў вёсцы...
Вёска стала толькі хатай.

Сумна жыць, Але патрэбна
Век адмераны адолець.
«Шумяць вербы каля грэблі...» —
Чула неба, чула поле.

Сьвет, адданасьцю сагрэты,
Сам рупліва колас песьціў.
Ды прыйшло і тое лета —
У Салоўках змоўклі песьні...

На бярвеньні ля паркана
Мы сядзім... Красуе жыта...
«Засьпявай, бабуля Ганна...»
А ў адказ: «Няма Мікіты...

Ён мяне — кажу праўдзіва —
У руках насіў, як сьвечку.
Спадзявалася на дзіва —
Будзе сьпевам цешыць вечна.

Хай ня чуе боль сірочы
Сьвеце ясны,
Сьвеце белы.
Як закрыла дзеду вочы,
I сама тады зьнямела...»

Я праз два гады наведаў
Кут, які душу трывожыў.
Поле скрозь...
Няма і сьледу
Ад Саловак тых прыгожых.

Не вітаюць вербы госьця,
I ня шчодрыцца крыніца...
Пад чаромхай на пагосьце
Шэры фуд Сырой зямліцы.

Галавою да галоўкі
Дзед з бабуляю вякуе...
Заліваюцца салоўкі,
Толькі іх ніхто ня чуе



Паэзія - гэта заўсёды

Паэзія - гэта заўсёды гісторыя "пра нешта...", апавяданне з пачуццем,а не набор рыфмаваных слоў...
Добра пішаш,Сяргей! Не пераіначвай сябе, не залазь у "вычурнасць", ці ў "высокахвіласфскае" пустабрэхства,выдаваемае некатарымі за "ісцінную паэзію".

Сяргей,проста

Сяргей,проста кранае......няма слоў.....Дзякуй!!!

душа паэта заўжды баліць...

душа паэта заўжды баліць...