Дзяўчына ў празрыстай спадніцы
 Трымае рамонак ў далоні.
 Трымцяць па дарозе машыны,
 Кудысьці спяшаюцца. Мабыць,
На свята дзяржаўнага кшталту,
 Купалле ці Дзень Навальніцы,
 І трэба хутчэй у сталіцу,
 Каб трапіць на файны салют.
- Дзяўчына, чаму не спяшаешся?
- Я проста ўсё пераблытала
 І выйшла ў чорны кастрычнік
 У кароткай празрыстай спадніцы
 Без боцікаў і капялюша.
І цела дзяўчыны дрыжыць,
 Рамонак злятае з далоні
 І раптам становіцца птушкай.
- Куды ты, куды ты ляціш?
- На свята дзяржаўнага кшталту,
 Бо хутка пачнецца салют,
 А гэта дурная паненка
 На вуліцу выйшла ў спадніцы.