Сёння восень на маім двары,
А на скронях нечаканы іней.
Адлятаюць даўнія сябры
Безгалосым незваротным клінам.
Ноч са мною стала сябраваць —
Не магу заплюшчыць доўга вочы.
Успаміны не даюць мне спаць,
Стукат сэрца сцішыцца не хоча.
Марамі лячу у маладосць,
Думкамі назад, у сваю хату.
Я даўно ў ёй не жаданы госць —
Гаспадар былы, дзівакаваты.
Хата перароблена даўно
На свой лад руплівымі жыльцамі.
Памянялі нават і вакно
На верандзе, ўстаўленае намі.
Засталіся толькі наша брама
Ды яшчэ цалейшыя кашы.
Каля плоту сірацінай камень —
Вартавым адвечным на мяжы.
Восень засыпае на двары
Жоўтым лісцем тое, што збылося.
Ледзь відаць пад ім мае сляды…
І зіма здалёк крычыць, галосіць.