Зноў еду дадому,
Хоць знаю: сустрэчы
Ніколі не будзе на гэтым шляху.
Хацінка сівая ўздыхне па-старэчы
І ветла запросіць мяне пад страху.
А ў хаце без мамы –
Усё сіратліва.
І страшна, і цяжка ступіць на парог.
Здаецца, што плачуць масніцы чулліва
І комін, што колісь цяпельца бярог.
Усё акалела ў маўклівым здранцвенні:
І вокны, і печ. Нават сцены маўчаць.
Паўсюль толькі з болем былога ўтрапення
Стамлёныя маміны вочы глядзяць.
Ва ўсім яе бачу – гаротніцу любу.
Дзе толькі краналася ўсцешна рука.
Пакуль тут жыццёвае ліха-загуба
Не скасіла яе, нібы цень чужака.
Дакрануся да печы – да рук яе мілых –
І вось яна зноўку тут побач са мной.
Уважліва слухае споведзь даччыну
І вытра мне слёзы хусцінкай старой.
Пагасцявала. Начаставалася ўволю...
Бывай, мая мама, чакае Мазыр.
Вазьму я у свет тваю мару – як долю
І гэту хацінку – вышэй за Памір.