Шаптуха
Ірыне Шыбека
Памерлыя хаціны,
на плошчы - чарнабыл:
Наведаў я мясціны
Дзе у маленстве быў.
Язьмін, шыпшына, мальвы -
Здзічэлы палісад,
Амаль што пахавалі
Бабулін дом і сад.
За домам, дзе прысады,
Віецца дзікі хмель
І спіць, згубіўшы статак,
Драўляны журавель.
Нявідная палоска,
Як рыска на вадзе -
Сцяжына цераз вёску
На могілкі вядзе.
Пайду па той сцяжыне,
Калі б і не хацеў
Праз водар канюшыны,
Пад конікавы спеў.
На могілках з ускраю,
Дзе паламаны плот,
Шалёны бэз буяе
Ужо не першы год.
У бэзавай альтане
Дзе жоўтыя пяскі
Шаптуху пахавалі
Калісці землякі.
Над хворымі шаптала,
Над жытам у палях,
Ды цяжка памірала-
Здымалі з хаты дах.
Не зарастае глеба,
Прахнеюць рушнікі -
Не прабачае неба
Яўдохіны грахі.
Ці то з другой прычыны -
Наспела паміраць,
А не было жанчыны -
Замовы перадаць.
Ні ўнучкі, ні нявесткі -
А два былі сыны,
Адзін ляжць пад Брэстам,
Другі- каля Дзісны.
У бэзавай альтане,
Дзе жоўтыя пяскі
Замовы пахавалі
З шаптухай землякі.
Як некалі - малеча,,
Я не стрымаю слез:
Бэз надмагільны шэпча
На мой шчаслівы лёс
ajsa, 9.08.2011.