Шумеў бор —
збор дрэў.
Лес атуляў.
Лес грэў.
Вораг на нас
з факелам лез.
Лес засланяў,
бараніў лес.
Ляціць экспрэс —
шуміць лес.
Комін дыміць —
шуміць лес.
Расхрыстаным штормам
наперарэз
мачта імкне —
шуміць лес.
Перад радамі,
занятымі спрэс,
скрыпка рыдае —
шуміць лес.
Аўтографы вечнасці
піша прагрэс:
папера шасціць —
шуміць лес.
He абвяшчаючы ўголас вайну, —
дубу і ясеню сталь у спіну...
Страляе сякера,
як з цемры абрэз.
Падае лес —
выстаіць лес.
Другу зялёнаму
не анямець,
мы адшумім,
а лесу шумець!