Адвядзі сябе ў сінь калядную -
У цямрэчы з сабой схаваць
Мары плоскія, другарадныя
І кашмараў нязбыўных раць.
Ад нары, што сьмярдзіць мінуўшчынай,
Зладзь уцёкі ў мароз начы -
Слабы розум, быцьцём раструшчаны,
Адзінотай спрабуй лячыць.
Спадзявайся дарогай дальняю
Супакоіць вар'яцкі дух...
Зразумеецца прадказальнае -
Ты з кашмарам паўсюль удвух -
Што ў нары, дзе жыцьцё праседжана,
Што ў начы, куды ўцёк з нары...
"Сінь калядная, шлях прысьнежаны,
Забяры мяне, забяры!"