Скрыпка
Сказаў аднойчы мне на вушка:
“Ты – скрыпка, ну а я – смычок”.
Сказаў – забыў, ды я мянушку
Табе дала, але ж маўчок.
Свае ў сабе пакіну думкі.
Гады бягуць ад нас наўцёк.
Ды, пазбіраўшы лёсу клункі,
Я ўспомню, як іграў смычок.
Іграў!.. Ды як!.. Ажно на твары
Свяціла асалода ў сне!
Іграў!.. Што скрыпка Страдывары
Так не гучала, мабыць, не!