Словы на зямлю ўпалі зорамі,
Шапатлівым травеньскім дажджом,
Сталі чыстай, мілагучнай моваю -
Кожнае ўзляцела матыльком,
Кветкай распусцілася духмянаю,
Пабягло крынічкаю жывой.
Словы на зямлю ўпалі зорамі
Славіць свет сваёю пекнатой.
Кветкі ўсе пасохлі ў гербарыях,
Жыць без іх ня могуць матылі,
А крыніцы смеццем закіданыя
З лаянкі, пустое балбатні,
Справаздачаў і рэкламных слоганаў
З сэнсам, што ні духам, ані сном...
Словы ж на зямлю ўпалі зорамі,
Ніспасланым травеньскім дажджом!