Мне насвішча сіротка-сініца,
Напяе булькатаннем крыніца
I падкажа пошум сасны
Словы даўнія,
Словы бабчыны,
Словы продкаў далёкіх маіх,
Што даўно суайчыннікам страчаны
Па дарозе ў прыдуманы міф...
А пачую продка імя —
Пракаветны абудзіцца век.
I ТУРЫНЫ РОГ,
Ці СУРМА,
Мне напомніць,
Што повязь жыве
З маім прашчурам, —
Шчырнікам, рупнікам, —
Быў ён
РЫМАР,
БОНДАР,
МЛЫНАР,
ПЛЫТАГОН,
ПАЛЯСОЎШЧЫК
I РУМНІК,
ЦЕСЛЯ,
БОРТНІК,
КАВАЛЬ
I ПЛУГАР...
Ён любіў у часіну вясельную
СКРЫПКУ,
БУБЕН,
БАСЭТЛЮ,
ДУДУ...
I на ЮТРАНЬ
Хадзіў у нядзелю
Спавядацца
НАШЧА ў царкву...
...Мне насвішча сіротка-сініца,
Напяе булькатаннем крыніца...