Світае... У алькоў
дрымотнага сусвету
ўрываецца шыццё
праменняў залатых
і танцы матылькоў,
што радуюцца лету,
вітаючы жыццё,
праяўленае ў іх.
У пацеркі расы –
у россып дыяментаў –
глядзіцца небакрай
і цешыцца гульнёй
вясёлкавай красы,
разбітай на фрагменты –
на дробны сонцаграй,
запалены вясной.
Ружовае жэле
змяняецца на просінь.
Зараначкі запеў
падхоплівае шпак…
І рэха ўсё далей
разносіць шматгалоссе
над морам сонных дрэў,
абуджаных няўзнак.
Над золатам палёў,
над зеленню ялінак,
над срэбрам ручаёў,
сінечаю азёр
узносіцца любоў
на крылах лебядзіных.
Мацней за сілу слоў
магутны гэты хор.
Асветлены абшар
свяціцца і святкуе
найноўшую главу
прывабнейшай пары.
І кожная душа
спявае “Аллілуйя”
Нябачнаму – Таму,
Хто гэта ўсё стварыў.
7.06.2013