У хаце пахне зёлкамі,
І чабрацом, і мятаю.
Душа далоняй волкаю
Фіранку неба кратае.
І дождж ідзе, і поўніцца
Вядро, як поўня боская.
На ганку Багародзіца
Памыла ногі босыя.
У хаце пахне мятаю,
І печ павольна дыхае.
Прыснілася так свята мне
Зялёнае і ціхае.