Учора цемра апантана фантомам грукала ў акно
Ў паўночным полыме яно
Халодным ззяннем скрыжатала
А ты за сотні вёрст спаткала
Самотны золак як ярмо
Я быццам ў сне чакаў адлігу між атлантычных навальніц
У дурнап’яне падаў ніц
Ў парах хмяльнога валяр’яну
Не разумеючы падману
Салодкажарсных небыліц
А сёння разам мы кружымся у карагодзе зімніх дзён
Тваіх валос духмяны лён
Душой прымусіў зіхаціцца
Ў замілавананні растварыцца
Ахутацца у дзіўны сон
І хай больш заўтра не прыходзіць - кудохча ў пушчы цецярук
І грае пра любоў павук
На тонкаструнным павуцінні
Быццам на скрыпцы Паганіні
У перапляценні цёплых рук
Але настане час растацца – нас мусіць мора разлучыць
Няма нагоды слёзы ліць
Бо будзем у начы спаткацца
І жарсна палка абдымацца
Каб ў снах маркоту дзён згубіць
Аднойчы прыйдзе млосны ранак, калі ўбачу Вас ізноў
З краіны велічы ільдоў
Я прылячу, каб сэрца раны
Загойваць стогнам лір аддана
Увасабляючы любоў
“У Калядную ноч абавязкова
“У Калядную ноч абавязкова павінны адбывацца цуды, нават калі зусім у гэта не верыш, таму што побач заўсёды знойдзецца Нехта, хто будзе імкнуцца пераканаць цябе ў адваротным. “
Д.Г.
Прачытаўшы гэты верш, я зразумела, што не здолею заставацца абыякавай: настолькі выдатна ў ім адлюстраваны праблемы сучаснага чалавека.
Пачну з назвы - “Сон на яве”. Якія асацыяцыі яна выклікае? Асабіста ў мяне ствараецца ўражанне імглістасці і размытасці. У сне здзяйсняюцца самыя смелыя нашыя мары, у той жа час прарочыя cны могуць стаць прадвеснікамі бяды. Такім чынам, аўтар быццам запрашае чытатча зрабіць крок наперад, у невядомасць.
А пачынаецца ўсё з увасаблення: “ Учора цемра апантана фантомам грукала ў акно”, якое пакідае калі не смак адчаю, то дакладна безвыходнасці і бязрадаснасці існавання. Цемра, як сімвал адзіноты, падштурхоўвае да таго, каб запаліць святло. Аднак нават “паўночнае полымя” не здольна асвятліць шлях сваім халодным зяннем. Няма ў ім душэўнай цеплыні, шчырасці і пяшчоты. Такое заманлівае і прыгожае, і ў той жа час такое далекае і недаступнае.
Што патрэбна чалавеку? Калі паспрабаваць запытацца пра гэта, можна атрымаць безліч розных адказаў. Яны залежаць ад мноства фактараў: полу, узросту, выхавання, умоваў жыцця і г.д. Напрыклад, Сяргей Грахоўскі ў сваім вершы выказвае наступнае:
А людская увага і ласка,
І сардэчнае шчырае слова,
І вясёлая добрая казка.
Чалавеку патрэбна усмешка
Незнаёмых вачэй і знаёмых,
Каб дажджамі размытая сцежка
Стала лёгкай на кручах і стромах.
Чалавеку не трэба спагады, -
Дабрата чалавеку патрэбна,
Каб, мінаючы прорвы і спады,
Узбірацца на стромкія грэбні,
Каб сяброў сустракаў клапатлівых
На дарогах, далёкіх ад дому,
І каб сам быў заўсёды шчаслівы,
Калі шчасце прыносіш другому.
З гэтым складана не пагадзіцца, бо чалавек – сацыяльная істота, ён не можа быць адзін па сваёй прыродзе.
“А ты за сотні вёрст спаткала
Самотны золак як ярмо”.
Золак – пачатак жыцця, новага дня, новай старонкі гісторыі, але эпітэт “самотны” падкрэслівае адсутнасць радасці і шчасця. Параўнанне “як ярмо” надае асаблівы цяжар душэўнаму стану пад час прачытання.
Што ёсць самота? Гэта не проста пачуццё, гэта атрута, якая ператварае белае ў чорнае, якая быццам павук хутка сплятае павуцінне вакол душы сваімі спрытнымі лапкамі. Трапіўшы туды, даволі складана вырвацца, а жыццё паўстае шэрагам аднолькавых, як блізняты, дзён, калі губляецца адчуванне часу, калі дзень ператвараецца ў ноч і наадварот, і так па коле. У такіх выпадках прынята спадзявацца, што ў адзін выдатны момант усё зменіцца. Вось і лірычны герой “чакаў адлігу”.
Варта адзначыць, што не кожны дакладна ведае, чаго хоча. Незаўсёды тое, што мы бачым навокал, адпавядае рэчаіснасці. Стужкі, песні, вершы...Паўсюль стэрэтыпныя выявы жыцця. Глядзіш - і міжволі пачынаеш думаць, што так і павінна быць. На самой справе, каб не стаць ахвярай “салодкажарсных небыліц”, трэба пазбавіцца ад навязаных немаведама кім жыццёвых шаблонаў і даць волю сваім думкам і жаданням.
Як Бог стварыў з рабра Еву для Адама, так і аўтар дае лірычнаму герою магчымасць адчуць радасць ад прысутнасці жывой душы побач.
“ А сёння разам мы кружымся...”
Як жа мала патрэбна для шчасця – мая рука ў тваёй руцэ, і няма больш пакут, няма адзіноты. У душы квітнее вясна. Свет набывае чароўныя фарбы, і так будзе заўсёды, таму што інакш немагчыма. І не мае значэння, што будзе заўтра, ёсць толькі адзіны гэты момант - тут і зараз!
“Але настане час расстацца...”
Усё рухаецца па спіралі, і, зрабіўшы віток, мы пачынаем зноў, таму што складана пераадольваць адлегласць, у той жа час кожная новая сустрэча пасля расстання - гэта новая надзея на бясхмарную будучыню, надзея на вечнасць, праведзеную разам. Гэта полымя, якое сваёй яркасцю асляпляе і выклікае такое задавальненне і эйфарыю, быццам доза гераіну для наркамана:
“Бо будзем у начы спаткацца
І жарсна палка абдымацца
Каб у снах маркоту дзён згубіць”.
Спачатку мне падалося, што гэты верш пра каханне, але, прааналізаваўшы, зразумела, што не зусім. Ён нашмат больш глыбокі і выдатна адлюстроўвае праблему адзіноты. Усе мы самотныя. Хутчэй за ўсё па прычыне моцнага ўздзеяння інтэрнэту на свядомасць. Мы развучыліся камунікаваць па-сапраўднаму, мы развучыліся слухаць сваё сэрца. Мы жывём у нейкім ілюзорным свеце, чакаючы здзяйснення нашых мар, не ўсведамляючы, што шчасце побач, што яно сапраўднае, а малюнак у галаве пры нават самым моцным жаданні можа так ім і застацца назаўсёды.
“Я прылячу, каб сэрца раны
Загойваць стогнам лір аддана,
Увасабляючы любоў.”
Так, менавіта любоў. Гэта выдатнае слова для перадачы нейтральнага стаўлення да чалавека. Калі ён побач - добра, калі не – таксама добра. Розніцы няма па вялікім рахунку. Мы любім свет. Мы любім людзей. Мы любім сябе. Без гэтага немагчыма.
Мне вельмі хацелася б, каб у гэтага верша з’явіўся працяг, няма тут лагічнага завяршэння, таму я раю аўтару абавязкова напісаць другую частку, больш эмацыйна насычаную і ўзнёслую, якая дасць кожнаму чытачу надзею на тое, што усё ж такі не “любоў”, а сапраўднае моцнае каханне кіруе светам. Толькі гэта ўжо будзе зусім іншая гісторыя.
Поспехаў, Аляксандр, у вашай літаратурнай працы! Вы сапраўдны малайчына! Я бязмежна захапляюся вашым талентам!
І з Калядамі!
Толькі вось а ці не
Толькі вось а ці не з'яўляецца гэтае самае "сапраўднае моцнае каханне" і тое, што яно "кіруе светам" самай галоўнай салодкажарснай нібыліцай, якая усяму сусвету (і асабліва тым, хто яго не сустрэў) стварае ілюзію пошуку, чакання, жадання і надзеі, у той час, як без гэтай нібыліцы можна было б усім і кожнаму проста нармальна жыць і жыць зусім і не ў самоце.