Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Спяваюць ружы пад акном...

Сярэдняя: 4.4 (5 галасоў)

Спяваюць ружы пад акном
Аб нечым ружавым, няйначай.
Зачараваны, дрэмле дом.
А дожджык слухае – і плача.

Хвалюе ветрам струмяні.
Раняе слёзы на пялёсткі.
Празрыстых кропелек агні
На кветках ззяюць, нібы росы.

– Сумуеш, дождж? Але аб чым?
Такую квецень не смакуеш!
А мо баішся, што ўначы
Ружовых казак не пачуеш?

Ці пад уколамі шыпоў
Расчараваўся ў прыгажосці?
Ці ў харастве ружовых сноў
Угледзеў зманлівае штосьці?

А дожджык плюхае, журчыць –
Ці ён спявае, ці гаворыць,
Самотным шэптам шамаціць
Пяшчотным кветкам песню-споведзь:

– О, ружы! Ваша прыгажосць –
Вачам і сэрцам на здзіўленне.
Ля вас, здаецца, – шчасце ёсць,
Але ж нядоўгі час цвіцення.

Аднойчы ветрык наляціць,
Кусты далонямі прылашчыць, –
І цуд ружовы абляціць,
А з ім – і прывіднае шчасце…

30.06.2010