Сягоння праводзіць старое сяло
У апошні прыют цётку Юлю.
Тут звонкіх падзеяў даўно не было,
Вяселлеў даўно тут не чулі.
Вось хаты нямыя, пустыя двары,
На сцежцы сліўняк узыходзіць,
А побліз жыве адзінокі стары,
Якога ледзь кій ужо водзіць.
Ляцяць жаўрукі над сялом, нібы ў сне,
Не-не ды паклічуць кагосьці…
Каго заўтра зноўку зямля прыхіне
За вёскай пустой на пагосце?