Сцежка ў вавёркі —
на кожнай галінцы,
Ў лесе не ўгнацца за ёй
навальніцы:
Блісне між дрэў,
як маленькі клубочак,
Скокне ўгары
праз нябачны масточак.
Хутка зачыніць на засаў
дупельца,
Будзе за поўнач
разводзіць цяпельца...
Лес мой бяссонны!
У час навальніцы
Буду разгадваць
твае таямніцы.
Ты пашумі сабе,
я ж прыгадаю,
Як вецер
вавёрчыны сцежкі
гайдае.