Хата пазнала мяне, сціпла рыпнуўшы ганкам,
З-пад шырокай страхі цмокнула ў нос скразняком,
Калыхнула павольна бялюткай фіранкай
І кранула патыліцу моцным, крывым вушаком.
Штосьці сказаць мне было, сеўшы ў смуце на лаву:
Дзе я быў, што рабіў? Долю знайшоў. Ці сваю?
Што кранае мяне? Як там маюцца справы?
І пра што, часам, звонка і важка з імпэтам пяю?
Моўчкі сядзеў я, дрыжаў ля ня топленай печкі,
Што я страціў, скажы? Што, дзе і як адшукаць?
Я на золку пайшоў, ды акенцы мне ў плечы
Пільным поглядам сумна і кпліва глядзяць і глядзяць…