Мая любоў – табу –
замкнёнай жарсці круг.
Чапаць яго – надум
бязлітасны і гіблы.
Чаму ж ізноў тану
ў агмені палкіх рук,
ды так, што не магу
ні дагарэць, ці выплыць?
Пяшчота – як ласо –
зрывае дах і дых.
Здаецца, што няма
радней нікога ў свеце.
І што ў апошні раз
вось гэтак – удваіх –
сягоння мы з табой
вясновы ранак стрэцім.
Шчакою да шчакі –
каханне не "франсэ".
Рукою да рукі –
ці іншага не трэба?
Ты – побач. Ты – такі…
А я… Ды як усе.
Але чаму з табой
зямля ўзлятяе ў неба?
11.03.2013