Б'е трыццаць сёмы і праз пяцьдзесят
Спрэс расстралянай памяццю людскою
I сотнямі мясцовых Курапат,
Якім праз век не зарасці травою.
Хаця няма там помнікаў, крыжоў —
Людзей без сведкаў ноччу забівалі,
Ды час расплаты катам надышоў —
З магіл «народа ворагі» паўсталі.
Паўсталі мёртвыя на праведны свой суд
Над ворагам народа і жывымі
Забойцамі, хто чорны свой прысуд
Вяршыў, як Гітлер,
Толькі над сваімі.
Страляць у твар баяліся, аднак,
Каб не сустрэць нямых дакораў зроку.
I білі напавал,
і білі так,
Каб памяці не асвятліць —
у змроку.
Касцей шарэнгі-сведкі, чарапоў:
Жанчыны з дзецьмі, смертнікі-мужчыны,
Жахлівы прывід тых начных слядоў
Бесчалавечнай,
сталінскай машыны.
I чорны жах на тварах у сясцёр
I іх братоў, якіх не стала заўтра —
Раскінуў гільяціны новы ўзор
Маньяк крыві, яе класічны аўтар,
Душ чалавечых новы Герастрат —
О змрочны час «шчаслівае» эпохі...
Дзе самы чалавечны ў свеце лад
Мільёны душ закінуў у астрогі.
Вы не забыты, вязні праваты.
Прыйшлі назваць забойцаў паіменна,
Каб з імі поруч стаў іх правадыр
На суд...
прад мёртвымі...
На суд жывых
Свяшчэнны.