Лісток.
Галінка.
Яры першацвет.
Да сонца сокі выганяць галіну...
Паўторацца ў ёй бліскавіцы след,
Разгалістасць вясновай ручаіны,
Нябачныя ў глыбінях карані,
Сцяжынкі ўсе
На шорсткай далані.
Галінка —
Дрэва чуйная рука,
Што пальцамі гучкоў сваіх збірала
Расінкі неба,
Подых свежака,
Пакуль не стала гузаватым ралам —
Працягам чалавечае рукі,
Што рыхліла дзірван на камякі.
Святло галінкі —
З сонечным раўня,
Насустрач сонцу
Шле прамень зялёны...
Ў турботах імі створанага дня
He заўважаем,
Як шчыруе крона.
Святло яе —
Паверыць я гатоў —
Ідзе да зорак тысячы гадоў.
Зялёнай дзесьці —
За яе святло —
Зямлю завуць.
Агорне часам скруха,
Што гэтае святло да зор дайшло,
Калі ўжо дрэва на зямлі патухла.
Святло галінкі!
Жудасна,
Калі
Яно дачасна гасне на зямлі.