Утульнаю, роднаю хаткаю,
Смачнаю, цёплай аладкаю
Вее ад мовы таткавай,
Роднае мовы мае.
Клопатам і пяшчотай,
Асенняю пазалотай,
Ці туманом употай
У думкі яна прыплыве.
Хоць папракне з дакорам,
Разбудзіць сумленне і сорам,
Ды гора з ёю не гора,
Як быццам агеньчык сагрэў.
Натхняе на вершы і песні
Вясенняй пралескай на ўзлессі.
Дай Бог нам скрозь вечнасць пранесці
Мовы матулін напеў.