Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Традыцыі каханьня і вайны

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Традыцыі каханьня і вайны
Спрадвеку слаўныя надзейным гартам –
Зямлі распнутай верны сын,
Застрэміў памяць я дачкою акупанта.

Каранаваныя арлы “канфэдэратак”
У сваякі нам набіваліся тым годам,
Згадаўшы час супольных высілкаў і стратаў
Дзеля дзяржавы Двох Народаў.

Як соладка было прыгожай марай трызьніць!
Зьдзяйсьняць – бяз мала, пагатоў.
Два леты ад Дняпра да Віслы
Мы за яе лілі зацята кроў.

Два леты... Ды ці замінала каму восень?
Няхай кастрычнік пазалочваў сьвет,
Нязьменны краявід: штыхі, драты, абозы,
Атака, выбух, бінт і лязарэт –

Маёнтак, вернуты “праўдзівым гаспадáрам”.
Ці ведаў хто, што непамысна злучыць
Ён варажбою хваляў мклівай Шчары
Панну з-пад Ломжы і “тутэйшага” паручніка.

Гавораць, гэткае – часьцей увесну,
Але вось, выпала традыцыю зыначыць
Праз ананімны сьціпленькі букецік
Сьвежазьнятому зь лекарскіх варштатаў.

Першыя дні прыкідак і прыглядак.
На запальніцу ўрэшце запытацца падыйшла,
Каб потым натуральным сталася працягам:
– ...Krystyna.
– Мне прыемна. Станіслаў...

Паходні клёнаў занімалі вечар
І тэй курэў, бы лёнданскі тытунь,
Падораных ёй кімсьці цыгарэтаў,
Схаваўшы таямніцу ночы ў даланю.

Пад сукняй шыняля сьвярбеліся мне шнары,
Промньмі апошнімі гаіў іх крыўскі бог.
За сьветам дзесь гарматы неба йрвалі,
Я ж патанаў у прагнулых вачох.

Касьцельнымі званамі плыў сьвітанак
Са стромкіх веж падляскага мястэчка,
Нібы ўспаміны падбірала станік,
Панчохі, намітку да будучай сустрэчы.

Мы ўдасканальвалі, забыўшыся на стому,
Сябе ў майстэрстве велічнага пачуцьця,
Надаючы застыглым колісь формам
Моц і энэргію сьвінца.

Спазнаючы пяшчоты бездань пакрыёму,
Хоць гэны чын і не адпавядаў на час,
З асуджанаю да каханьня, згубы, злому,
Што да пабітага тулілася пляча.

Ды ў хвілю згасла, растварылася ў сутоньні,
Няўцямна цьвердзячы
ледзь гучнае: “Dlaczego? ”,
Як дзеі апусьціў заслону –
Скрозь зубы выцэдзіў: “Назаўтра еду...”

А ад’яжджаў адзін,
бяз сьлёзных разьвітаньняў,
На золку рушыў у чырвоны ўсход,
Не прадчуваючы налетняга вяртаньня
Праз фронтаў і падзеяў вірны калаўрот.

Ціс выдраны, бы рэбры, трушчыўся пад ботам
Паміж самоты голых сьценаў, заляў,
толькі зь іх,
Зь мяне прысутнасьці ейнае попел
Ня далі рады выдзьмуць скразьнякі.

Нешта выводзілі ў падстрэшшы пра мінулае
Пакуль на ганку піў нагбом кан’як
І вылі ўсьлед, сьвісталі ў сьпіну кулямі,
Калі прэч назаўжды пагнаў каня.